Археалагічны музей «Верхні горад»

Археалагічны музей «Верхні горад» разам з Экспазіцыяй «Карэтная» і Музеем «Мінская конка» ўваходзіць у Музейны комплекс на тэрыторыі былога бернардзінскага манастыра.

Экспазіцыя «Менск. Верхні горад. Археалагічны музей» знаходзіцца ў будынку, спраектаваным над археалагічным раскопам 2007—2008 гг. з арачнымі падмуркамі гаспадарчай пабудовы манахаў-бернардынаў пачатку XVIII стагоддзя.

Наглядная гісторыя Мінска захавана ў паўтары тысячах сапраўдных прадметах з калекцыі Музея гісторыі горада Мінска.

Асноўныя экспанаты — гэта артэфакты з археалагічных даследаванняў манастыроў і гандлёвых шэрагаў Верхняга горада, вуліц Зыбіцкай, Кірыла і Мяфодзія, Нямігі і іншых участкаў гістарычнага цэнтра Мінска. Большая частка прадметаў выяўлена ў 1980 — я-2010-я гг. падчас «выратавальных» раскопак (археолагі Заяц Ю. А., Каласоўскі Ю. В., Кошман В. І., Мядзведзеў А. М., Русаў П. А., Собаль В. Е., Тарасаў С. В.,Трусаў А.А., Баязліўцаў А. А., Штыхаў Г. В. і іншыя). Перад тым як стаць экспанатамі, многія знаходкі прайшлі кансервацыю (рэстаўратары Жыткевіч М. В., Сманцэр Д. В.).

ЭКСПАЗІЦЫЯ

Экспазіцыя «Менск. Верхні горад. Археалагічны музей» знаёміць з гісторыяй Верхняга горада і прылеглых кварталаў. У XII—XIII стст. на тэрыторыі Верхняга горада знаходзіўся гандлёва-рамесны пасад. У XVI—XVIII стст. пасля атрымання Магдэбургскага права Верхні горад стаў новым адміністрацыйным цэнтрам горада і месцам пражывання гарадскога набілітэту. Наведвальнікам прапануецца падарожжа ў свет рэчаў XII—ХІХ стст., сярод якіх касцяныя грабеньчыкі і капавушка, жалезныя наканечнікі стрэл і копій, ключы і замкі, ўпрыгажэнні X—ХІХ стст., скураны абутак менян і менчукоў і многія іншыя прадметы з паўсядзённага жыцця гараджан Мінска.

Знаёмства з экспазіцыяй пачынаецца з вітрыны-дыярамы «Старажытная флора і фаўна на тэрыторыі Мінска». Дэманструюцца асаблівасці рэльефу мясцовасці, астанкі старажытных жывёл. Сюжэт заснаваны на знаходцы рэшткаў статка мамантаў, якія былі выяўленыя беларускімі навукоўцамі ў 2008 годзе ў Менску.

З дапамогай штучна створанага археалагічнага раскопу наведвальнікі маюць унікальную магчымасць убачыць асаблівасці фарміравання культурнага пласта Мінска XI—XIX ст. праз «апусканне на мацярык» горада.

Значэнне Верхняга горада ў развіцці Мінска раскрываецца праз дэманстрацыю жыцця гараджан і іх асноўных заняткаў: рамёстваў, промыслаў, гандлю ў XIV – XIX стагоддзях. Створаны рэканструкцыі гандлёвых шэрагаў, майстэрня шаўца, крама Ганчара.

Асаблівасці архітэктурна-планіровачнай структуры Верхняга горада паказаны з дапамогай планаў і карт Мінска, макетаў знакавых будынкаў, сюжэтных панарам. Дэманструюцца арыгінальныя будаўнічыя матэрыялы, цвікі, цэгла, архітэктурна-дэкаратыўная кераміка, пліткі падлогі і іншае.

Сюжэтныя інсталяцыі дазваляюць зазірнуць у келлю да манахаў-бернардынаў і ў манастыр часоў вайны 1812 года.

У музеі выкарыстоўваюцца сучасныя мультымедыйныя тэхналогіі, якія зацікавяць не толькі дзяцей, але і дарослых: інтэрактыўная кніга «Летапіс Мінска», ігравы модуль «Калодзеж часу», вітрына-піраміда з 3D-праекцыяй, зона для музейных заняткаў «Кабінет археалогіі», гульня «Куфар з скарбамі» і зона для маленькага мастака-рэстаўратара.